Свята роднага ўзора

Дата: 21 апреля 2023 в 16:30, Обновлено 28 мая 2023 в 00:37
105 просмотров

   У дзіцячым садку № 2 г.Сянно адбылося Свята роднага ўзора. Гісторыя беларускага народа і яго побыт цесна пераплятаюцца з традыцыйнымі святамі, якія перадаюць з пакалення ў пакаленне павагу да народных вытокаў.

    На свяце дзеці бліжэй пазнаёміліся з такімі відамі рукадзелля, як вышыўка і ткацтва. Уважліва разглядалі вышытыя ручнікі, накідкі, падзоры і абрусы. Пазнаёміліся з тканымі ўзорамі на вопратцы, даведаліся аб знакамітых слуцкіх паясах, а самае галоўнае – што арнамент ураджэнкі Сенненшчыны Матроны Маркевіч упрыгожвае нацыянальны сцяг нашай Беларусі.

     Не абышлося і без сюрпрызаў. На вышытых ручніках для пачастунка дзяцей вынеслі тры смачныя каравая, якія былі выраблены на нашым хлебазаводзе і вельмі спадабаліся дзецям. А госці Мікіта і Алеся праспявалі для дзяцей прыпеўкі пра элементы нацыянальных касцюмаў. А затым наступіў самы маляўнічы момант свята - дэфіле ў народных касцюмах як старадаўніх, так і ў сучасным стылі. Мадэлі дэманстравалі і выхаванцы, і педагогі, і супрацоўнікі дзіцячага садка. І дзеці, і дарослыя напярэдаднi дэфіле некалькі дзён абмяркоўвалі і падбіралі аксэсуары к касцюмам, прычоскі, усе настолькі ўключыліся ў гэты працэс, што дэманстрацыя прайшла на высокім узроўні.

      А як жа песні і танцы? Вядома, без іх не бывае сапраўднага свята! Дзяўчынкі старэйшай групы ў сучасных народных касцюмах падарылі гледачам танец «Вышытая сарочка", прагучала песня пра падушачку, якую вышывала мацi. А старадаўнюю песню «Чорная галка " дзеці выканалі ўсёй групай з заключнамi скокамі.

      Усе мерапрыемства суправаджалася народнай музыкай, якая вельмі падабаецца дзецям.

   Свята скончанае, але хутка будуць і іншыя, не менш выдатныя. Бо народныя вытокі-невычэрпныя!

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.